понедельник, 1 февраля 2021 г.




Адзін з самых выдатных і вядомых беларускіх пісьменнікаў  – Іван Пятровіч Шамякін – нарадзіўся 30.01.1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці.

Закончыўшы Маркаўскую няпоўную сярэднюю школу, паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, дзе пачаў пісаць вершы і апавяданні. У 1940 г. быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны, будучы камандзірам гарматы, а потым камсоргам дывізіёна, удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы і ў баях на Одэры.

   Пасля дэмабілізацыі, як адзначае Іван Пятровіч у аўтабіяграфіі, “адразу ж пачаў працаваць настаўнікам у Церахоўскім раёне і адначасова вучыцца завочна ў педагагічным інстытуце і інстытуце замежных моў. Першым значным творам на беларускай мове з’явілася аповесць “Помста”, напісаная мною ў Германіі ўлетку 1945 года і надрукаваная ў часопісе “Полымя” № 11-12 за 1945 год. Пасля пачаў сістэматычна друкавацца ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, газеце “Гомельская праўда”. Немалаважную ролю ў творчай біяграфіі Івана Шамякіна адыграла яго асабістае знаёмства з вядомымі пісьменнікамі рэспублікі ў час работы першага пасляваеннага Пленума праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР (снежань 1945 г.), а ўжо ў ліпені 1947 г. ён сам быў абраны членам Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР.У жніўні 1948 г. Іван Пятровіч паступіў у партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якой працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”. Шмат гадоў (1966 – 1980 гг.) займаючы пасаду сакратара, а пасля першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Іван Шамякін знаходзіўся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця рэспублікі. Выконваючы шматлікія грамадскія абавязкі, ён часта выступаў з паведамленнямі і дакладамі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, пісаў крытычныя артыкулы. З 1980 па 1992 гг. быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.                                За заслугі ў галіне літаратуры быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, “Знак пашаны”, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Іван Пятровіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951 г.) за раман “Глыбокая плынь” , Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959 г.) за раман “Крыніцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968 г.) за раман “Сэрца на далоні” і кнігу “Трывожнае шчасце”, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978 г.) за кнігу “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч”, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982 г.) за кінафільм “Вазьму твой боль”.У 1972 г. Івану Пятровічу Шамякіну было нададзена ганаровае званне Народнага пісьменніка БССР, а да свайго 60-годдзя пісьменнік быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Акрамя літаратурнай дзейнасці Іван Пятровіч ўсё жыццё актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці. У 1963 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Неаднаразова абіраўся дэпутатам Вярхоўных Саветаў БССР (1963-1985 гг.) і СССР (1980-1989 гг.), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985 г.).За больш чым 60-гадовую творчую працу І. Шамякіна выйшлі ў свет каля 130 кніг. Сярод самых вядомых: раманы “Глыбокая плынь” (1949 г.), “У добры час” (1953 г.), “Сэрца на далоні” (1964 г.), “Снежныя зімы” (1970 г.), “Атланты і карыятыды” (1974 г.), “Вазьму твой боль” (1979 г.), “Петраград – Брэст” (1983 г.), “Зеніт” (1987 г.); цыкл з пяці аповесцей (“Непаўторная вясна” (1957 г.), “Начныя зарніцы” (1958 г.), “Агонь і снег” і “Пошукі сустрэчы” (1959 г.), “Мост” (1965 г.) аб’яднаных ў пенталогію “Трывожнае шчасце” (1960, 1973, 1982 гг.); апавяданні і аповесці “Дзве сілы” (1951 г.), “Матчыны рукі” (1961 г.), “Вячэрні сеанс” (1968 г.), “Бацька і дзеці” (1971 г.), “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч” (1976 г.), “У роднай сям’і” (1986 г.); п’есы “Не верце цішыні” (1958 г.), “Выгнанне блудніцы” (1961 г.), “Экзамен на восень” (1973 г.), “Баталія на лузе” (1975 г.), “Залаты медаль» (1979 г.), а таксама кніжкі апавяданняў для дзяцей.

Вядомы беларускі празаік, драматург, публіцыст, народны пісьменнік БССР Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пачатковую адукацыю Іван Мележ атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку скончыў у Алексічах, дзесяцігодку – у Хойніках (1938). У школьныя гады шмат маляваў, удзельнічаў у драматычным гуртку.

Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў на Украіне, у Карпатах. У 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. У 1941 г., з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, Іван Паўлавіч Мележ ваяваў на фронце пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавым, Лазавой, Растовам-на-Доне.

У чэрвені 1942 г. пад Растовам быў цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у г. Бугуруслане Арэнбургскай вобласці (дзе завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педінстытута). У 1943-1944 гг. выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які ў той час знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. Скончыў вучобу ў 1945 г. ужо ў г. Мінску. У 1945-1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Пісаў дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. Адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя” (1945-1947 гг.).                                                                           З 1945 г. Іван Мележ – член Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР.
У 1948-1951 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, у 1950-1951 гг. – кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КПБ.
     У 1966 г. Іван Паўлавіч Мележ быў абраны сакратаром, а ў 1971 г. намеснікам старшыні праўлення СП БССР.
  Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР-Францыя”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1946), ордэнам “Знак Пашаны” (1955), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971) і медалямі.
   Літаратурную дзейнасць Іван Мележ пачаў у 1930-я гг. У 1939 г. у газеце “Чырвоная змена” быў надрукаваны першы верш Івана Мележа “Радзіме”. Перад вайной яго вершы друкаваліся таксама ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся”. Першыя апавяданні напісаў у тбіліскім шпіталі. У “Бугурусланской правде” ў 1943 г. было апублікавана апавяданне “Апошняя аперацыя”.

У 1946 г. выйшаў першы зборнік апавяданняў Івана Мележа “У завіруху”. Апавяданні былі напісаны ў 1942-1945 гг. і прысвечаны падзеям вайны. У 1948 г. выйшаў другі зборнік прозы “Гарачы жнівень”.

У 1947-1952 гг. Іван Паўлавіч Мележ напісаў раман “Мінскі напрамак”, у якім паказаў вызваленне Беларусі воінамі Чырвонай Арміі і партызанамі ў красавіку-ліпені 1944 г.У далейшым Іван Мележ выдаў зборнікі прозы “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”. Пасля паездак па краінах Еўропы напісаў нарысы “Паездка ў Прагу” і “Вакол Еўропы”.Іван Мележ працаваў у галіне драматургіі. Стварыў аднаактную п’есу “Хто прыйшоў уночы”, прысвечаную падзеям вайны, і шматактавыя п’есы “Пакуль вы маладыя”, “Дні нараджэння” і “У новым доме”. П’есы ставіліся тэатрам імя Я.Купалы і Магілёўскім абласным драмтэатрам.                                                                                                   Шырокую вядомасць атрымала трылогія Івана Мележа “Палеская хроніка”, якая складаецца з раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” (няскончаны). У раманах раскрываецца цяжкі лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, адлюстроўваюцца падзеі 1920-х гг. і калектывізацыя на Палессі. За раман “Людзі на балоце” Івану Мележу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1962). За раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” – Ленінская прэмія (1972).

У 1972 г. Івану Мележу было нададзена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў і публіцыстычных выступленняў “Жыццёвыя клопаты”, зборнікаў “Белыя вішні і яблыні”, “Першая кніга. Дзённікі. Сшыткі. З запісных кніжак” і інш. Творы пісьменніка перакладаліся на мовы народаў СССР і за мяжой.

На тэлебачанні былі пастаўлены тэлеспектаклі па раманах Івана Мележа з трылогіі “Палеская хроніка”, зняты шматсерыйны тэлефільм. Інсцэніроўкі раманаў Мележа паставілі тэатр імя Я.Купалы, Народны тэатр у Мазыры, Гомельскі абласны тэатр, Мінскі тэатр юнага гледача. На студыі “Беларусьфільм” рэжысёрамі В.Туравым і Д.Зайцавым па “Палескай хроніцы” быў пастаўлены мастацкі фільм “Людзі на балоце” (у 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР).          Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Глінішчы, завулак у Кобрыне. Імя пісьменніка прысвоена сярэдняй школе на яго радзіме, бібліятэцы і гімназіі ў Гомелі. У Мінску на доме №7 па вул. Я.Купалы, дзе жыўпісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка (1978). У 1983 г. на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча быў адкрыты мемарыяльны музей. З 1980 саюз пісьменнікаў БССР прысуджае літаратурную прэмію імя Івана Мележа.








 

 1 января 2021 г. Главой государства подписан Указ № 1, согласно которому в целях консолидации общества, сплочения белорусского народа на основе идей суверенитета и независимости страны 2021 год в Беларуси объявлен Годом народного единства.